Belarusian (Wendo-Lithuanian) language naming in a 19th century explorers works.
Названия белорусского языка в работах исследователей 19 века.
Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў ХІХ стагоддзя. Працы 1800 – 1810-х гадоў
Апублікавана: Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса. Пад рэдакцыяй Сяргея Запрудскага, Аляксандра Фядуты, Захара Шыбекі. Мн., 2007. С. 252–268.
Перарабляць самавольна назву народаў і іх мовы ёсць, вядома ж, важная памылка і заўсёды спараджае новыя.
І. Магілеўскі, Аб рускай мове, [1829] 1838
- Уступныя заўвагі.
У навукова-папулярных і навуковых працах прафесара Адама Мальдзіса шматкроць закранаецца пытанне аб выкарыстанні для наймення Беларусі і беларускай мовы розных назваў.
Так, напрыклад, пішучы ў «Падарожжы ў ХІХ стагоддзе» пра зборнік Яна Чачота 1846 года, Адам Мальдзіс удакладніў, што беларускую мову Чачот называў крывіцкай (Мальдзіс 1969, 20). У «Падарожжы…» шмат разоў ужыта назва Літва, прыметнік літоўскі, якія ўключалі ў сябе паняцці Беларусь, беларускі. Гэта акалічнасць звычайна тлумачылася аўтарам: «шматпакутнай Літвы (як тады называлі і Беларусь)» – с. 78 (тут і далей усе неагавораныя вылучэнні ў цытатах – нашы. – С.З.); «у Літве (як тады называлі і Беларусь)» – с. 91; «народ у Літве (г. зн. у Беларусі)» – с. 109 і інш. У кнізе рассеяна нямала азначэнняў з кампанентамі літоўскі, беларускі, рускі з неўласцівымі сучасным значэннямі (многія з іх спецыяльна тлумачыліся аўтарам): «добра ведалі наш літоўскі (г. зн. беларускі) народ» – с. 13; «літоўскі патрыятызм» – с. 48; «грэка-рускае (праваслаўнае) веравызнанне» – с. 50; «агульны нарыс літоўскай (г. зн. беларускай) вёскі» – с. 50; «літоўска-руская грамада» – с. 68; “так званы «беларускі» (па іншых крыніцах – «літоўскі») гурток” – с. 77 – 78 і інш.
У нарысе «Шляхі вялі праз Беларусь» Адам Мальдзіс разам з яго суаўтарам заўважылі, што «па традыцыі, якая ішла яшчэ з часоў старажытнарускай дзяржавы», беларускія землі ў XVI ст. называліся «таксама Руссю, беларусы – русінамі, а беларуская мова – русінскай мовай» (Грыцкевіч, Мальдзіс 1980, 23). У фрагменце, прысвечаным славацкаму падарожніку пачатку XVIII ст. А. Крману, аўтары зазначылі, што «ў адпаведнасці з тагачаснымі ўяўленнямі» ён называў беларускую мову літоўскай (Тамсама, 53). Цытуючы выказванне І. Анацэвіча 1822 г. аб выкарыстанні моў у Жырмунах, аўтары нарыса ўдакладнілі, што тэрмін руская мова ў выразе «граніца паміж рускай і літоўскай мовамі», быў ўжыты ў значэнні ‘беларуская мова’ (Тамсама, 159). Згадваючы аўтара сярэдзіны XVI ст. Паола Джовія Навакомскага, В. Грыцкевіч і А. Мальдзіс прывялі яго сведчанне аб тым, што «маскавіты, як і славяне, далматы, багемцы, палякі і літоўцы (тут аўтары зрабілі ўдакладненне, што пад літоўцамі маюцца на ўвазе славянамоўныя жыхары ВКЛ. – С.З.) ужываюць ілірыйскую мову і ілірыйскія пісьмёны» (Тамсама, 52).
У працы «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIIІ стагоддзя» былі змешчаны невялікія раздзелы «Пошукі ўласнага імя» і «Веданне беларускай мовы», у якіх аўтар сведчыў, што назва Беларусь у мемуарных творах XVIII ст. ужывалася рэдка, недакладна, пераважна ў дачыненні да Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Аўтар сцвярджаў, што (жыхары Беларусі) «літвіны» і «ліцвякі», як правіла, добра ведалі беларускую мову. Пад пяром мемуарыстаў (М. Матушэвіча, Я. Тышкевіча) яна называлася рускай, аднак Г. Жавускі ўжываў таксама выраз беларускі дыялект як проціпастаўлены рускай мове прыбылага на Віцебшчыну намесніка Пасека (Мальдзіс 1982, 88 – 92; гл. таксама: Мальдзіс 2001, 128 – 133). Аўтар сам ужыў выраз беларусчына (“«беларусчына» часам была своеасаблівым сродкам зносін паміж мясцовымі магнатамі і рускімі саноўнікамі”, Мальдзіс 1982, 90), што – калі мець на ўвазе пераважна польскую мову выкарыстаных ім крыніц – можа падштурхоўваць да здагадкі, што ў разгляданых творах мог сустракацца выраз białoruszczyzna.
У іншых сваіх працах юбіляр выказаў гіпотэзу адносна разумення тэрміна літоўскі прымяняльна да спадчыны С. Богуш-Сестранцэвіча (Мальдзіс 1974a; Мальдзіс 1974b, 83 – 84; Мальдзіс 1980, 260). У прыватнасці, ён сцвердзіў, што за тэрмінам літоўскі ў дачыненні да нязнойдзенага філалагічнага рукапісу Богуш-Сестранцэвіча хаваецца тэрмін беларускі. З прац прафесара А. Мальдзіса вынікае, што
– у XVI стагоддзі беларуская мова сярод іншых назваў мела найменне русінскай, поруч з іншымі славянскімі – ілірыйскай
– у XVIII стагоддзі заходняя і цэнтральная часткі Беларусі часта называліся Літвой, а беларуская мова называлася літоўскай, рускай,
– у працах ХІХ стагоддзя Беларусь часта называлася Літвой, а беларуская мова магла выступаць пад назвамі крывіцкая мова, руская мова, літоўская мова, «беларускі дыялект».
- Пытанне назваў беларускай мовы (на адрозненне ад назвы Беларусь) на працягу гісторыі і ў ХІХ ст., у прыватнасці, разглядалася ў навуковай літаратуры пераважна мімаходзь.
1.1. Так, у пачынальніка беларускай філалогіі Я. Карскага знаходзім заўвагі наконт таго, што ў аўтараў XVI ст. (Ф. Скарыны, аўтараў Статута 1588 г., Р. Хадкевіча, Лаўрэнція Зізанія) беларуская мова называлася рускай або простай рускай. Карскі, зрэшты, зазначае выкарыстанне ў Лаўрэнція Зізанія (XVI ст.) і Памвы Бярынды (XVII ст.) тэрміна літоўскі , а таксама ўжыванне ў XVII ст. Юрыем Крыжанічам «і ўвогуле ў Маскоўскай Русі» назвы беларуская мова (Карский 2006, 322 – 323). Заснавальнік беларускай філалогіі прыводзіць выкарыстанне ў прыпісцы да аднаго рукапісу ў зборы Буслаева (ХІХ ст.) тэрміна «польска-рускі пераклад», падае ўжыванне лінгвоніма беларуская мова В. Сопікавым – пераважна, паводле Карскага, у дачыненні да твораў паўднёва-заходнерускага (г. зн. украінскага) паходжання (Тамсама, 323 – 324). У цэлым у працах Я. Карскага рассеяна вельмі многа канкрэтных сведчанняў аб назвах беларускай мовы, якія, аднак, ён, здаецца, не імкнуўся сістэматызаваць.
1.2. У галоўнай працы па гісторыі беларускага мовазнаўства, падрычніку Льва Шакуна, сустракаюцца толькі мімалётныя заўвагі адносна таго, што ў ХІХ ст. беларусаў называлі «беларусцамі», «ліцвінамі», «літвякамі», «крывічамі», «русінамі», а мову беларускіх помнікаў у канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя – «і беларускай, і заходнярускай (часцей), а то і літоўска-рускай, польска-рускай, польска-маларуска-рускай і яшчэ як-небудзь інакш, што яскрава выяўляе ўзровень тагачаснай навукі» (Шакун 1995, 33, 39). Як відаць з прыведзенай цытаты, Л. Шакун, верагодна, лічыў пэўнага роду непаразуменнем тую акалічнасць, што ў пачатку ХІХ ст. беларуская мова не мела стабільнай, уніфікаванай назвы; тым больш крытычна ён ставіўся да наяўнасці складаных («праз дэфіс») назваў тыпу літоўска-руская, польска-руская і пад. Можна меркаваць, што падобны падыход у той або іншай ступені ўласцівы і іншым сучасным аўтарам. Нядаўна В. Булгакаў заўважыў, што ў першай палове ХІХ ст. польскія інтэлектуалы нібыта наўмысна не культывавалі адзінай назвы беларускай мовы і называлі яе то славяна-крывіцкай, то рускай, то літоўска-рускай, то рутэнскай, то русінскай, то польска-рускай, то крывіцкай, то славяна-літоўскай (Булгакаў 2006, 114). Трактуючы ўжыванне ў 1842 г. П. Шафарыкам выразу літоўска-руская гаворка, А. Каўка лічыць, што гэтым «памылковым» тэрмінам чэшскі славіст абавязаны выдадзенаму ў Маскве ў 1836 г. «Зборніку Муханава» (Кавко 1995, 55). Разважаючы пра тое, чаму першая друкаваная беларускамоўная кніга ХІХ ст. (Krótkie zebranie nauki chrześcijańskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego, Вільня, 1835) мела ў сваёй назве выраз польска-руская мова, М. Хаўстовіч выказаў меркаванне, што адной з прычын магло быць тое, што яе ўкладальнік «не ведаў адпаведнага наймення тае мовы, на якой звяртаўся да чытача» (Хаўстовіч 2007, 181). З падобных кваліфікацый вынікае, што на пераломе 1830 – 1840-х гг. адпаведная назва для беларускай мовы (маецца на ўвазе, натуральна, тэрмін беларуская мова) ужо існавала, аднак гэта не былі выразы літоўска-руская гаворка ці польска-руская мова.
1.3. На працягу апошняга часу назвы Беларусь, беларус, беларускі і сумежныя найменні прыцягнулі даволі значную ўвагу беларускіх даследчыкаў, пры гэтым дадзеныя праблемы былі закрануты не толькі ў некаторых агульных працах (Запруднік 1996; Гістарычны шлях 2001; Сагановіч 2001; Шыбека 2003), але і ў некалькіх спецыяльных публікацыях (Імя тваё 1991; Сагановіч 1992; Белы 2000; Некрашевич-Короткая 2003; Лабынцев 2005; Щавинская 2005, Баршчэўская 2007, Латышонак 2007). У шэрагу даследаванняў, у тым ліку ініцыяваных юбілярам, праблема назваў беларускай мовы закранаецца ўскосна (параўн., напрыклад: McMillin 1966, Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім 1992, Мякишев 1999, Bieder 2004, Bieder 2006). У некаторых працах, у тым ліку акадэмічнага і навучальнага характару, міжволі можна заўважыць тэндэнцыю акцэнтаваць ўвагу на выкарыстанні назваў Літва, ліцвіны, літоўскі (ліцвінскі) і, адпаведна, недаацэньваць гістарычнасць resp. натуральнасць назвы Беларусь, беларусы, беларускі (параўн., напрыклад: Шыбека 2003, 13 – 14, 51; Хаўстовіч 2001, 153) ГЛ. КАНЕЦ ГЭТАГА ФАЙЛА!. Тэндэнцыя папулярызаваць назвы Літва, літоўскі, ліцвінскі ў якасці назваў Беларусі і яе азначэння з асаблівым энтузіязмам была ўспрынята сярод непрафесіяналаў і некаторых пісьменнікаў (параўн., напрыклад: Тобін 2007).
- З вышэй згаданай літаратуры атрымліваецца, што ў ХІХ ст. беларуская мова магла называцца:
– І. беларускай
– ІІa. рускай, а таксама складанымі назвамі з апорным кампанентам -рускі (ужываным не на першым месцы): заходнярускай, літоўска-рускай, польска-рускай, польска-маларуска-рускай
– IIb. русінскай
– IIc. рутэнскай
– III. літоўскай, а таксама складанымі назвамі з кампанентам -літоўскі (ужываным на першым або другім месцы): літоўска-рускай, славяна-літоўскай
– IV. крывіцкай, а таксама складанай назвай з кампанентам -крывіцкі: славяна-крывіцкай.
Сітуацыя, калі нейкая мова на нейкім этапе свайго развіцця мела аж 12 назваў,1 відаць, з’яўляецца не вельмі звычайнай.
2.1. Дадзенае прадстаўленне патрабуе некаторага мінімальнага каментару.
Першае. Тэрмін беларускі, несумненна, вытворны ад тэрміна рускі. Нягледзячы на гэта з прычыны вялікага значэння тэрміна беларускі і з-за выразнай адмежаванасці гэтых назваў сёння ў нашай класіфікацыі выраз беларускі вынесены на першае месца і пададзены асобна ад тэрміна рускі.
Другое. Тэрміны рускі, русінскі і рутэнскі разглядаюцца намі як этымалагічна тоесныя. Варыянтнасць русінскі / рутэнскі ўзнікла з прычыны сутыкнення ў рамках адной мовы славянскай і лацінскай практыкі: тэрмін рутэнскі мае, несумненна, неславянскае паходжанне. Праўдападобна, і тэрмін русінскі мог выкарыстоўвацца не толькі як спрадвечны, але і пад уплывам неславянскіх найменняў Ruthen /us, /-isch, /-ian.
- Якія ж былі прычыны выкарыстання ў ХІХ стагоддзі разнастайных тэрмінаў для наймення беларускай мовы? Ці прыведзены пералік вычэрпвае ўсе назвы? Чым кіраваліся розныя аўтары, абіраючы тую або іншую назву? Ці быў у многіх з іх выбар увогуле? Як суадносілася ўжыванне розных лінгвонімаў з этнонімамі? Чаму не выкарыстоўвалася уніфікаванае найменне? На некаторыя з гэтых пытанняў мы паспрабуем адказаць у дадзенай публікацыі, выразна ўсведамляючы, што яна з’яўляецца толькі першым подступам да вялікай тэмы.
3.1. Насуперак погляду аб палітычным уплыве на мовазнаўства пачатку ХІХ ст. (Шакун, Булгакаў і іншыя) ужыванне ў гэты час у навуковых працах розных назваў беларускай мовы, згодна з нашымі дадзенымі, не залежала ад палітычнай кан’юнктуры. Апантаныя азартам першаадкрывальнікаў, многія навукоўцы гэтага часу імкнуліся прадставіць навуковай грамадскасці новую, дагэтуль малазнаную навуцы (беларускую) мову або проста згадвалі яе ў сваіх працах – і не больш за тое. Ва ўмовах, калі не існавала аднастайнай назвы Беларусі ў яе сучасных геаграфічных абшарах, а розныя яе часткі называліся па-рознаму, складана чакаць, каб для назвы мовы беларусаў існавала нейкае аднастайнае найменне. Адпаведна ў першай палове ХІХ ст. яно проста не магло папулярызавацца ўсімі навукоўцамі. Тэрміны, якімі карысталіся ў гэты час даследчыкі, былі абумоўлены не (столькі) палітычнай кан’юнктурай, а пэўнымі традыцыямі, якія ішлі з папярэдняга часу, або жаданнем (гэта асабліва справядліва для складаных тэрмінаў) найбольш адэкватным спосабам абазначыць характар «новай» мовы. Пры размеркаванні разнастайных тэрмінаў дзіўным чынам перапляталіся энда- і экзалінгвонімы, рознамоўная (польска-, расійска-, нямецка-, чэшскамоўная) навуковая практыка, выкарыстанне розных назваў у этна-культурным, палітычна-грамадзянскім, адміністрацыйным і канфесійным значэнні, этнічнае паходжанне і дзяржаўная прыналежнасць аўтараў лінгвістычных прац, апора на пісьмовую vs вусную практыку выкарыстання тых або іншых лінгвонімаў і інш. Варта ўлічваць, што ў пачатку ХІХ ст. не толькі тэрмін беларускі ў дачыненні да мовы яшчэ не меў сучаснага зместавага напаўнення, але і назвы рускі і літоўскі мелі «дыфузныя», няўстойлівыя ў тэрміналагічным плане (і адрозныя ад сучасных) значэнні і яшчэ не былі трывала замацаваны за назвамі моў сучасных рускага і літоўскага народаў.
Уласцівы працам першай паловы ХІХ ст. разнабой у найменаванні беларускай мовы сягнуў і ў другую палову ХІХ ст. У сваіх «Нататках адносна беларускай гаворкі» 1852 г. Ф. Галатузаў сцвярджаў, што існуе шмат спрэчных думак наконт яе назвы: «Праўда, ёй звычайна ўсвойваецца назва беларуская; аднак ёсць вучоныя, якія лічаць, што гэта назва памылковая, і што яе трэба называць руськай […]; іншыя прыдаюць ёй і адну, і другую назвы разам […], або называюць яе таксама і літоўска-рускай …» (Прыгодзіч 2007, 24).
- Назва руская мова ў XVI – XVIII стагоддзях
4.1. Як вядома, у беларускім пісьменстве старажытнага перыяду беларуская пісьмовая мова мела назву руская мова (руский языкъ) (Жураўскі, Прыгодзіч 1994, 147), такая назва ўжывалася, прынамсі, з XIV ст. У прадмове да сваёй «Бібліі» Скарына вызначыў назву свайго твора так: «Бивлиа греческим языком по рускии сказуется книги». Усходнеславянскі першадрукар тлумачыў, што ён «положилъ есми на боцех некоторыи слова для людей простых… рускимъ языкомъ». Выраз руская мова ўзнаўляўся ў Катэхізісе Сымона Буднага 1562 г., прызначаным для «для простых людей языка руского», а таксама ў трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ 1588 г., дзе ў 3-м артыкуле ІІІ раздзела мова Статута называлася рускай: «на руский езык преложона и руским же писмом». З лінгвістычнага пункту гледжання замест старажытнага тэрміна руская мова (руский язык) зусім апраўдана ўжываць назву беларуская мова, бо «якраз мова іменна гэтай беларускай часткі (Вялікага княства Літоўскага. – С.З.) і паслужыла асновай сістэмы фанетычных, граматычных і лексічных сродкаў пісьменнасці эпохі Вялікага княства Літоўскага» (Жураўскі 1998, 451).
Назва руская мова ўжывалася і за межамі беларускай тэрыторыі. Так, у выдадзеным на лаціне ў 1517 г. «Трактаце пра дзве Сарматыі» (твор перавыдаваўся ў XVI ст. 18 разоў) Мацея з Мехава (Maciej z Miechowa) звярталася ўвага на тое, што у Ноўгарадзе, Пскове, Полацку, Смаленску размаўляюць на рускай мове (Ruthenicum), на гэтай мове ў Вялікім княстве Літоўскім здзяйсняецца юрыдычная практыка (Dini 2000). Руская мова сярод іншых славянскіх (польскай, чэшскай, харвацкай, баснійскай, сербскай, рацкай, балгарскай) была названа ў працы польскага аўтара Л. Гурніцкага 1566 г. (гл.: Rudnik-Karwatowa 1996, 89).
Працу Мацея з Мехава выкарысталі швейцарскія гуманісты Тэадор Бухман (Бібліяндар) (Buchmann (Bibliander) Theodor) і Конрад Геснер (Konrad Gessner), калі друкавалі свае вядомыя развагі аб паходжанні розных моў, уключаючы славянскія. Аўтар працы 1548 г. De ratione communi omnium linguarum et litterarum commentarius, Бібліяндар падаў звесткі пра беларускую і ўкраінскую мовы (Rutenicus sermo) (Банькоўскі-Цуліг 1991, 11). У працы К. Геснера Mithridates (1555) сярод 60-ці славянскіх народаў беларусы выступалі пад назвамі русаны або рутэны (Russani, Rutheni) (Мыльников 2000, 124 – 125), cмаленцы (Smolenses), магчыма, таксама пад назвай літоўцаў / ліцвінаў (Li(h)tuani) (гл. ніжэй).
На пэўны час за межамі Маскоўскай дзяржавы тэрмін рускія сталі ўжываць не да ўсёй Русі, а толькі да той яе часткі, якая ўваходзіла ў Польскае каралеўства і Вялікае княства Літоўскае (Мыльников 1999, 82). А. Мыльнікаў сцвярджае, што к канцу XVII ст. падобная тэрміналогія стабілізавалася і робіць абагульненне, што ў XVI – XVII стст. немаскоўскія аўтары пад рускімі часцей за ўсё разумелі акурат украінска-беларускае насельніцтва Польска-Літоўскай дзяржавы, спасылаючыся ў тым ліку на практыку кіеўскага «Синопсиса», дзе Москва (маскавіты) і Росы (украінцы і беларусы) былі пададзены асобна (Тамсама, 83 – 84). Зразумела, гэта акалічнасць спрыяла шырокаму выкарыстанню тэрміна руская мова ў дачыненні да беларускай (і ўкраінскай) мовы.
У XVI – XVII ст. як у Беларусі, так і за яе межамі для наймення беларускай мовы гэта назва шырока бытавала. У вядомым вершы Яна Казіміра Пашкевіча, датаваным 1621 г., сцвярджалася:
Полска квитнет лациною,
Литва квитнет русчизною.
Без той в Полсце не пребудешь,
Без сей в Литве блазнем будеш.
Міхалон Літвін, аўтар працы «Пра норавы татар, ліцвінаў і маскавітаў» (напісана на лаціне да 1550 г.) называў рускую мову (idioma Ruthenicum) чужой для літоўцаў, неадабральна ставіўся да выкарыстання ёю маскоўскага алфавіту (literas Moscouiticas) (Дини 1999, 44; Семянчук 1999, 214 – 215). Падчас свайго знаходжання ў Варшаве ў 1646 г. харвацкі місіянер Юрый Крыжаніч гаварыў ганцу маскоўскага цара Г. Дохтураву, што ён прыбыў у Рэч Паспалітую, «каб навучыцца польскай і беларускай мовам (Polonicam et Rutenicam); але сярод усіх найбольш жадаю навучыцца вашай маскоўскай» (vestram Moscoviticam)» (цыт. паводле: Долобко 1937, 7). У напісанай на лаціне падчас побыту ў Вільні працы «Кіева-Пячорская лаўра» пратэстанта Ёгана Гербіна (Яна Капусты) (выдадзена ў Йене ў 1675 г.) руская (Ruthenica) і маскоўская (Moscovitica) мовы таксама падаваліся асобна (Gerbinius 1675, 167). Падобнае размежаванне было звычайнай практыкай: А. Мыльнікаў сцвярджае, што да пэўнага часу ў творах заходнеславянскіх і іншаславянскіх гісторыкаў і філолагаў руская мова ў якасці «заходнерускай» (беларуска-украінскай) мовы пры пералічэнні ставілася ў адзін шэраг з маскавіцкай мовай. Згодна з гэтым аўтарам, прыкладна з сярэдзіны XVII cт., аднак, паняцці руская і маскавіцкая мовы сталі ўсё больш атаясамлівацца (Мыльников 1999, 85).
Спецыфічным было выкарыстанне азначэння рускі ў дачыненні да мовы ў Маскоўскай Русі, дзе яно абазначала не жывую або мясцовую пісьмовую мову, а царкоўнаславянскую, будучы сінонімам наймення словенский (Целунова 2000, 89).2
4.2. Атаясамлення паняццяў руская і маскавіцкая мовы, аднак, не адбывалася ў Польшчы, дзе за назвай знаёмых адукаваным палякам у XVII ст. беларускай і ўкраінскай моў (якія часам не адрозніваліся) замацаваўся тэрмін руская мова (język Ruski), у той час як мова жыхароў Масковіі і, пазней, Расійскай імперыі называлася расійскай або маскоўскай. Выкарыстанне азначэння рускі назіраем ў XVII – XVIII стст. у шэрагу выданняў, прызначаных для пашырэння ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі. У Кракаве, напрыклад, у 1690 – 1724 гг. выдаваўся «Рымскі і рускі каляндар» Ф. Нявескага, «Каляндар польскі і рускі» на 1707 – 1720 гг. М. Кіцінскага. З 1713 г. у Супрасльскай друкарні выдаваўся на польскай мове «Каляндар польскі і рускі».
Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог Гуга Калантай (1750 – 1812) пісаў, што «на Валыні, Падоллі і ў некаторых ваяводствах літоўскіх гавораць па-руску, але зусім іншым, чым расійскі, дыялектам» (цыт. паводле: Куль-Сяльверстава 2000, 226). Польскі гісторык Т. Чацкі ў працы «Аб літоўскіх і польскіх законах, аб іх духу, крыніцах і сувязі…» (1800 – 1801) неаднойчы пісаў пра рускую мову юрыдычных дакументаў Вялікага княства Літоўскага, аднак часам неўласціва карыстаўся і тэрмінамі царкоўная мова і расійская мова, за што пазней быў крытыкаваны С.Б. Ліндэ (Linde 1816, 12). Ва ўяўленні польскага гісторыка Лялевеля выраз руская мова настолькі трывала асацыяваўся з пісьмовай мовай юрыдычных дакументаў ВКЛ, што ён энергічна пратэставаў супраць любых пашырэнняў гэтага тэрміна тыпу руска-літоўская мова, беларуская мова (Lelewel 1826, 213 і наст.) і захаваў вернасць яму, здаецца, да канца свайго жыцця.
Польская практыка выкарыстання тэрміна руская мова ў XVIII ст., напэўна, уплывала на яго выкарыстанне ў Беларусі або (калі такі тэрмін быў ва ўжытку ў Беларусі) рэзаніравала з ім. Так, у сям’і каталікоў Галамбёўскіх, напрыклад, ведалі, што навучаючы сваіх дзяцей чытаць па-беларуску (у сучаснай тэрміналогіі), яны давалі ім веданне рускай мовы (у тэрміналогіі XVIII ст.) (Мальдзіс 1982, 90).
4.3. У Расіі да 1830-х гг. можна канстатаваць адносна маргінальнае становішча ў лінгвістычнай літаратуры тэрміна русский язык для наймення тагачаснай мовы расійскага народа. Выразнай перавагай валодаў тут тэрмін российский язык. Сярод пералічаных С. Булічам у яго «Очерке истории языкознания в России» 17-ці школьных расійскамоўных граматык расійскай мовы 1810 – 1825 гг. фіксуюцца 16 граматык расійскай мовы («российского языка») і толькі адна – рускай мовы («русского языка») (Булич 1904, 1003 – 1005).
У асобных выпадках з боку расійскіх дзяржаўных дзеячаў можна назіраць не (дастковае) прыманне тэрміна русский – на карысць ужывання тэрміна российский. Так, напрыклад, у 1804 г. Якубовіч выдаў зборнік былін і гістарычных песень Кіршы Данілава канца XVIII ст. пад назвай «Древние русские стихотворения…». Калі ж у 1818 г. здзяйснялася новае выданне гэтага зборніка К. Калайдовічам (адпаведнае даручэнне ў 1816 г. ён атрымаў ад графа Румянцава), то назва была зменена на «Древние российские стихотворения, собранные Киршею Даниловым». Назву змяніў сам Мікалай Румянцаў (Азадовский 1958, 171).
Нягледзячы на тое, што на працягу XVIII ст. у Польшчы і Расіі называлі рускай розныя мовы (у Польшчы – беларускую і ўкраінскую, у Расіі – часам расійскую) гэта не стварала асаблівай праблемы ў лінгвістычнай практыцы таго часу. Па-першае, польска-расійскія лінгвістычныя сувязі ў гэту пару былі неінтэнсіўнымі. Па-другое, у XVIII ст. яшчэ не прыйшоў час сур’ёзных параўнальна-гістарычных мовазнаўчых даследаванняў (уласна кажучы, сучаснай лінгвістыкі) з іх увагай да існуючага рэпертуару моў і іх класіфікацыі.
- Назва беларуска мова ў XVII – XVIII стагоддзях
Як вядома, назва беларуская мова з’яўляецца экзалінгвонімам, яна засведчана прынамсі з XVII стагоддзя за межамі Беларусі, найперш у Маскоўскай дзяржаве (Карский 2006, гл. вышэй; Жураўскі, Прыгодзіч 1994, 147). Яе пашырэнне і ўмацаванне ў Беларусі і за яе межамі ішло поруч з пашырэннем і ўмацаваннем этноніма беларус(ец), які, паводле сведчання Мыльнікава (1999, 81), упершыню быў уведзены ў навуковы ўжытак Мацеем Стрыйкоўскім у яго «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582).3
На пазнейшае замацаванне ва ўжытку тэрміна беларуская мова, несумненна, уплывала тая акалічнасць, што ў Масковіі ў XVII ст. надрукаваныя ў Беларусі і Украіне кнігі (на непадобнай да ўжыванай у Масковіі мове) называлі беларускімі. Гэтыя кнігі пакінулі вялікі след у маскавіцкай культуры таго часу, адпаведна, замацоўвалася і асацыяваная з імі назва. Праўдападобна, пад уздзеяннем акурат гэтых акалічнасцяў у сваім творы «Граматично изказанjе об руском jезику» (упершыню ў лінгвістычнай літаратуры) назваў нашу мову беларускай Юрый Крыжаніч (Гл.: Запрудскі 2005).
У пачатку XVIII ст. расійскі лексікограф Палікарпаў-Арлоў у прадмове да свайго «Лексикона» прызнаў самабытнасць беларускай і маларасійскай моў, называючы іх у шэрагу іншых славянскіх (Мыльников 1999, 82). Будучаму (спачатку не вельмі актыўнаму) выкарыстанню тэрміна беларуская мова спрыяла культываванне тэрмінаў Белоруссия, Weissrussland, белорусский у адміністрацыйна-дзяржаўнай і царкоўнай практыцы Расіі XVIII – пачатку XIX стст., у апісаннях падарожжаў замежных аўтараў, у картаграфіі (шматлікія прыклады такога выкарыстання гл.: Лабынцев 2005; Щавинская 2005). Так, прынамсі з 1773 г. існавала Беларускае біскупства (біскупам быў С. Богуш-Сестранцэвіч). З 1783 г. выдаваўся на польскай мове ініцыяваны Богуш-Сестранцэвічам «Каляндар беларускіх намесніцтваў» (у 1784 – 1795 гг.: «Каляндар беларускі»). Існавала Беларуская уніяцкая і праваслаўная епархіі, часта называлі Беларускім генерал-губернатарства з цэнтрам у Віцебску (Токць 2005, 63). У 1796 – 1802 гг. існавала Беларуская губерня (уключала Віцебскую і Магілёўскую). У 1828 г. пасля непрацяглага знаходжання ў Пецярбургскай навучальнай акрузе школы і гімназіі Віцебскай і Магілёўскай губерняў склалі асобную Беларускую навучальную акругу.
Першаму вядомаму ўжыванню тэрміна белорусское наречие ў канцы XVIII ст. мы абавязаны, відаць, акурат адміністрацыйна-дзяржаўнай практыцы, а не этна-культурнай спецыфіцы беларускай мовы: у працы «Описание Кричевского графства» Андрэя Меера (апублікавана толькі ў 1901 г.) «белорусское наречие» было патрактавана выключна як лакальная разнавіднасць «великороссийского языка», якая мае мінімальныя адрозненні ад агульнай расійскай мовы.4
- Назва літоўская мова ў XVІ – XVIII стагоддзях
Пры тым, што ў працы К. Геснера 1555 г. пад назвай літоўская мова разумеўся продак адной з сучасных балтыйскіх моў (гл.: Dini 1997), нельга сказаць, што ў швейцарскага гуманіста было дакладнае ўяўленне як пра гэту мову, так і пра адпаведнасць ужыванай ім тэрміналогіі (што, зрэшты, было звычайнай практыкай у той час). Спасылаючыся, на геаграфічную карту 1542 г. «народжанага ў Літве» Антонія Вуеда (Vuied), К. Геснер сярод іншага cцвярджаў, што А. Вуед падаў таксама алфавіт, якім карысталіся маскавіты і ліцвіны; гэты алфавіт вельмі падобны да грэцкага, але пашыраны на некалькі літар (etia alphabetum quo Moscouitae et Lithuani utuntur, Graeco no dissimile, sed charakterib. aliquotauctius proponit) (Gessner 1974 [1555], 61r). Геснер таксама сцвярджаў: іншыя аўтары пішуць, што ліцвіны проста гавораць па-ілірыйску (Alij Lituanos simpliciter Illyrice loqui scribunt) (Тамсама, 60r.). Калі мець на ўвазе, што першыя пісьмовыя помнікі на літоўскай мове адносяцца да пачатку XVI cт., а першыя літоўскія кнігі (пратэстанцкі катэхізіс К. Мажвідаса 1547 г.) былі надрукаваны польскім варыянтам лацініцы, то можна прызнаць, што пад «алфавітам літоўцаў» і ілірыйскамоўнымі ліцвінамі ў К. Геснера хаваецца, праўдападобна, алфавіт старабеларускай мовы і беларусы.5
Вышэй была згадана таксама больш позняя практыка XVI – XVIII стст., згодна з якой беларуская мова называлася літоўскай (Зізаній, Бярында, Крман). Што да Зізанія, то ён не быў паслядоўны і ў назве свайго вядомага слоўніка 1596 г. карыстаўся выразам «просты рускій діялектъ». Цікава, аднак, што калі ў 1627 г. у Маскве ў Кніжнай палаце адбылося паседжанне, прысвечанае «Катэхізісу» Зізанія, то ўдзельнікі сходу былі схільны пры разборы мовы гэтай кнігі ўжываць азначэнне літоўская (гл.: Целунова 2000, 89 – 90; Прыгодзіч 2006, 125). У выдадзеным у Кіеве слоўніку Бярынды быў ужыты выраз литовски, верагодна, з той прычыны, што ва Украіне за Беларуссю і беларусамі даволі рана замацаваліся назвы Літва, ліцвіны (да спецыфікі украінскай сітуацыі параўн. хоць бы выкарыстанне героя Ліцвіна ва ўкраінскіх камедыях і інтэрмедыях, гл.: Кабржыцкая, Рагойша, гэты том). Выкарыстанне ў дачыненні да беларускай мовы славацкім падарожнікам Крманам выразу літоўская мова ў пачатку XVIII ст. выглядае ледзь не ізаляваным (пры гэтым на Крмана ўплывала хутчэй адміністрацыйна-дзяржаўная практыка; літоўская мова ў яго азначала, відаць, ‘абыходкавая мова жыхароў Вялікага княства Літоўскага’). З прыведзеных дадзеных вынікае, што лінгвонім літоўская мова ў дачыненні да беларускай, падобна да лінгвоніма беларуская мова, быў экзалінгвонімам.
- Такім чынам, назвамі руская мова, беларуская мова, літоўская мова пералік ужываных да ХІХ ст. найменняў беларускай мовы вычэрпваецца. На пераломе XVIII – XIX стст. у цэлым пераважала выкарыстанне тэрміна руская мова. Тэрмін беларуская мова быў у гэты час малавядомы і геаграфічна абмежаваны. Здаецца, тым больш малаўжывальны быў тэрмін літоўская мова.
- З надыходам ХІХ ст., часу, калі ўзнікла мовазнаўства ў сучасным яго разуменні, увагу навукоўцаў і увогуле грамадскасці стала прыцягваць і беларуская мова, пра існаванне якой у пачатку ХІХ ст. у тагачаснай навуковай літаратуры было амаль нічога невядома. Фактычна толькі першыя крокі рабіла навуковая славістыка. Прымяняльна да пачатку ХІХ ст. у 1889 г. Пыпін сцвердзіў, што ў Расіі ў гэты час «не было чалавека (прынамсі нельга яго паказаць у літаратуры), які быў бы ў стане пералічыць правільна славянскія плямёны, паказаць на карце месцы іх пражывання» (цыт. паводле: Гудков 1999, 18). Зацікаўленне рознымі мовамі ў гэты час адбывалася ў значнай меры ў рамках рамантычнага напрамку з яго зацікаўленасцю гісторыяй – у прыватнасці, этнічнай гісторыяй і кніжна-пісьмовай культурай папярэдніх часоў. У пачатку ХІХ ст. беларуская мова стала аб’ектам навуковага зацікаўлення найперш у якасці пісьмовай мовы часоў ВКЛ. У гэты час значна пашырыўся польска-расійскі лінгвістычны дыялог; адпаведна, сутыкнуліся ў тым ліку супярэчлівыя падыходы да таго, штó ў Польшчы і Расіі разумелі пад рускай мовай. У Польшчы і Расіі збор разнастайнай інфармацыі пра розныя мовы ў пачатку ХІХ ст. заахвочваўся адукацыйнымі ведамствамі і навуковымі арганізацыямі. На пераломе XVIII – XIX стагоддзяў папулярнымі былі разнастайныя рэестры, пералікі існуючых моў (у лепшых сваіх узорах яны нагадвалі сучасныя энцыклапедыі), у якіх часам пэўная роля надавалася генеалагічнай класіфікацыі моў. Пачатак ХІХ ст. у славістыцы пазначыўся выданнем фундаментальнага шасцітомнага слоўніка польскай мовы С.Б. Ліндэ; дадзеная праца, зрэшты, мела вялікае значэнне для славістыкі ў цэлым. Гэтыя і іншыя акалічнасці паўплывалі на характар асэнсавання беларускай мовы, яе прадстаўленне ў розных крыніцах, а таксама на суперніцтва паміж рознымі тэрмінамі, якія абазначалі беларускую мову.
- Першыя працы ХІХ ст. аб беларускай мове
9.1. Згодна з нашымі дадзенымі, у навуковай літаратуры ХІХ ст. першым згадаў моўную спецыфіку беларусаў нямецкі гісторык А.Л. Шлёцэр, які ў сваёй прысвечанай усходнеславянскім летапісам працы (апублікавана па-нямецку ў Гётынгене ў 1802 – 1809 гг. і па-расійску – у 1809 – 1819 гг. у Санкт-Пецярбургу) сярод іншага сцвердзіў, што, перапісваючы летапісы, манахі «переменяли и грамматику: Белорус склонял иначе, нежели Чермнорус, Малорус и Великорус; всякий писал, как говорили в его время в его провинции» (Русские летописи 1809). Таксама Шлёцэр лічыў, што «рускія» летапісы найбольш актыўна пісаліся ў Белай, Малой і Чорнай Русі. Нам невядома, аднак, ці Шлёцэр дакладна ўяўляў, дзе жывуць беларусы, ён не згадваў беларускай (дарэчы, і украінскай) гаворкі сярод пералічаных ім васьмі славянскіх. У выніку яго выказванне аб рэгіянальных адрозненнях пры перапісванні летапісаў, здаецца, не пакінула якога-небудзь следу ў замацаванні ў літаратуры тэрміна беларуская мова. Праца Шлёцэра, аднак, для нас важная, паколькі яна была перакладзена і была добра вядомай у Расіі. Акрамя таго Шлёцэр меў некалькі адданых паслядоўнікаў (напрыклад, М. Качаноўскага), якія пазней ўзялі ўдзел у дыскусіі з нагоды назвы беларускай мовы. У абмеркаванні наймення беларускай мовы пазней удзельнічаў і перакладчык працы Шлёцэра пра летапісы Дзм. Языкаў.
9.2. Беларусы, аднак, не фігуравалі ў другім томе выдадзенай Ёганам Севярынам Фатэрам (J. S. Vater) у 1809 г. у Берліне працы Ёгана Хрыстофа Адэлунга (J. Chr. Adelung) «Мітрыдат, або Агульнае мовазнаўства…» (Mithridates, oder allgemeine Sprachenkunde…), дзе ў рамках падраздзела «Дыялекты» раздзела «Агульнаруская мова» пасля гаворкі пра суздальскі, маларускі (іначай: украінскі) дыялекты, а таксама пра руснякоў або рускіх Галіцыі і Букавіны ішла гаворка пры крывічоў. Са спасылкай на візантыйскага гісторыка Х ст. Канстанціна Пурпурароджанага Адэлунг6 напісаў, што крывічы (die Kriwitzen) жылі ў былых Полацкім, Смаленскім і Мінскім княствах. Адэлунг акрэсліў паходжанне крывічоў, заўважыўшы, што яны, відаць, «не належаць ні да вялікарусаў, ні да маларусаў; хутчэй неславяне. Першапачаткова жылі паміж рэкамі Прыпяць і Дзвіна, аднак пашырыліся да рэк Волга, Дзвіна, Ака і Днепр. Пазней трапілі пад Літву і з таго часу называюцца літоўскія рускія (Litthauische Russen). Пасля падзелаў 1773 і 1793 зноў падпалі пад Расію. Яны маюць сваю асаблівую, аднак вельмі мала вядомую, гаворку, якая перамешана з польскай» (Adelung 1809, 630 – 631). У працы Адэлунга выкарыстоўваліся выразы die Kriwitzen, Litthauische Russen, аднак не ўжывалася ніякіх азначэнняў у дачыненні да акрэсленай ім асобнай (несумненна, беларускай) мовы.
9.3. Беларуская гаворка «славяна-рускай» (інакш: «славяна-расійскай») мовы згадваецца (поруч з вялікарасійскай, маларасійскай, нізаўскай) у 1810 г. у выдадзенай у Харкаве працы «Новейшее начертание правил российской грамматики» Івана Арнатоўскага. Падобна да іншых украінскіх аўтараў, аўтар называў беларусаў літоўцамі і сцвярджаў, што ад апошніх «славяна-расійская» мова атрымала «многа слоў, а яшчэ больш канчаткаў», засвоеных з іх мовы «паўночназаходняй часткай Расіі» (Булич 1904, 729). Такая тэрміналогія праз стагоддзе змусіла С. Буліча выказаць сумненне ў яе абгрунтаванасці, які, цытуючы працу Арнатоўскага, пасля слова літоўцаў дадаў рэмарку ад сябе: «беларусаў?» (Тамсама).
9.4. Праблематычнай для дакладнай кваліфікацыі з’яўляецца выказванне аўтара яшчэ адной харкаўскай працы «Опытный способ к философическому познанию российского языка» (1811) І. Цімкоўскага аб тым, што расійская мова мае тры галоўныя гаворкі – наўгародскую, кіеўскую і маскоўскую. Сярод іншага аўтар сцвярджаў, што Руссю называліся Літва, Жмудзь і Падляшша (гл.: Булич 1903, 1005 і наст.). Магчыма, наўгародская гаворка ў Цімкоўскага ўбірала ў сябе і беларускую мову? Або ён уключаў беларускую гаворку ў кіеўскую? Ці ён нічога не ведаў пра спецыфічны характар мовы, ужыванай ў Беларусі і Літве?
9.5. Вельмі вялікае значэнне для папулярызацыі назвы беларуская мова мела праца Васілія Сопікава «Опыт российской библиографии или Полный словарь сочинений и переводов, напечатанных на славенском и российском языках» (ч. 1, 1813). Бібліёграф рускага аддзела Імператарскай публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу Сопікаў у першай частцы сваёй бібліяграфіі даў першае падрабязнае апісанне славутай Скарынавай Бібліі і, увогуле, увёў дзейнасць Скарыны ў кантэкст гісторыі славянскага і заходнеславянскага кнігадрукавання. Сопікаў змясціў у сваім даведніку нямала інфармацыі і пра іншыя выдадзеныя ў Беларусі ў XVI – XVIII стст. кнігі, назваўшы некаторыя з іх беларускімі. У кнізе сустракаецца і першае на расійскай мове ў ХІХ ст. вызначэнне беларускай мовы: яе ён назваў «гаворкай набожных грэчаскай веры людзей, што жылі ў Беларусі і Польшчы… вучоныя манахі ў гэтых землях аж да канца XVII стагоддзя амаль усе свае тэалагічныя і маралістычныя творы пісалі на гэтай мове; яна ёсць сумесь моў славянскай, рускай, польскай, а часткова і лацінскай» (Сопиков 1813). Прыкладам беларускай мовы для яго была кніга «Лекарство на оспалый смысл человечий», выдадзеная ў Астрогу на Украіне ў 1607 г.
9.6. Аднак ужыты Сопікавым выраз беларуская мова быў зусім новым для навуковага дыскурсу пачатку ХІХ ст., адпаведна ў навуковых працах таго часу ўжывалася і традыцыйная тэрміналогія, згодна з якой беларуская мова называлася рускай. Так, у манаграфіі «Гісторыя кракаўскіх друкарняў» (1815) Е.С. Бантке сцвердзіў, што Скарына пераклаў Біблію на «рускі дыялект, якім карыстаюцца каля Полацка». У тым жа 1815 г. у зборніку «Slovanka» Ёзаф Добраўскі надрукаваў артыкул «Плач Ераміі, перакладзены Ф. Скарынам на рускую мову» (Jeremia Klaglieder, von Franz Skorina in Russische übersetzt).
9.7. Цікава, аднак, што рыхтуючы працу «Літаратура, датычная граматык, лексікі і збораў слоў усіх моў зямлі: выкладзеная ў алфавітным парадку моў…» (Literatur der Grammatiken, Lexica und Wörtersammlungen aller Sprachen der Erdе: nach Alphabetischer Ordnung der Sprachen…) (выдадзена ў Берліне ў 1815 г.), Ёган Севярын Фатэр не выкарыстаў дадзеных другога тома адэлунгавай працы «Мітрыдат», які ён сам рыхтаваў да друку ў 1809 г. На адрозненне ад даведніка Адэлунга, у працы Фатэра ўжо не згадваліся крывічы і іх мова і замест трохчасткавага падзелу рускай мовы (падобна да слоўніка 1780 – 1790-х гг. П. Паласа) было дадзена яе чляненне на два, пра гэтым малаадрозныя між сабой маларасійскі (Malo-Rossisch) і суздальскі дыялекты (Vater 1815, 202). Ці беларуская мова тут прысутнічала як складовая частка маларасійскай мовы? Даволі спецыфічным чынам Фатэр патрактаваў літоўскую мову: будучы «сястрой» латышскай мовы, з пункту гледжання лексікі і граматыкі яна была пераважна славянскай, у іншых адносінах – германскай. Літоўская мова мела свае адгалінаванні ў «жамойцкай Літве» і на поўдні Вялікага княства Літоўскага (Vor ihr geht sowohl… südlichern Grossherzogtum Litthauen) (Тамсама, 132). Фатэр, такім чынам, як і іншыя аўтары ў той час, бачыў у літоўскай мове вельмі моцны славянскі складнік. Здаецца, ён дрэнна адрозніваў моцна «славянізаваную» літоўскую мову ад яе (магчыма, гэтым разам яшчэ больш славянскага?) варыянта, які бытаваў на поўдні Вялікага княства Літоўскага?
9.8. Тым часам у 1815 – 1816 гг. у Варшаве на польскай мове былі надрукаваны дзве працы С.Б. Ліндэ, якія з’явіліся як вельмі важным укладам у беларусістыку таго часу, так і выводзілі на новы ўзровень асэнсаванне фактычна яшчэ не пастаўленай у тую пару праблемы прымальных для беларускай мовы назваў.
Першая праца – гэта вялікі артыкул «Аб славянска-расійскай літаратуры», які ў значнай ступені ўяўляў сабой рэцэнзію на публікацыю Сопікава. У гэтым артыкуле, здаецца, упершыню ў польскамоўнай навуковай літаратуры сустракаецца выраз беларуская, дакладней, беларасійская, мова. Так, Ліндэ звярнуў увагу на тое, што мову не ўсіх прадстаўленых у каталогу Сопікава кірылічных выданняў трэба кваліфікаваць як царкоўнаславянскую: «шмат ёсць напісаных па-маларасійску або па-беларасійску» (Linde 1815 – 1816. Т. ІІІ, 31). Пазней Ліндэ яшчэ раз выкарыстаў тэрмін «бесперапынная» беларуская мова (ciągły język białoruski) – у фрагменце, прысвечаным параўнанню мовы кнігі «Казанне св. Кірылы аб антыхрысце» С. Зізанія з польскай мовай (Linde 1815 – 1816. Т. V, 13).
Аднак Ліндэ карыстаўся і тэрмінам руская мова. Ён напісаў, напрыклад, што першае і трэцяе выданні статутаў ВКЛ «выйшлі на рускай мове; усе Ягелоны аж да Жыгімонта Аўгуста ў Літве пісалі па-руску, давалі граматы і прывілеі, а паводле слоў нашага Бантке (у яго гісторыі кнігадрукавання), здаецца, некаторыя з іх не надта добра ведалі польскую мову і, прынамсі, Казімір Ягелон раней умеў па-руску, чым па-польску…» (Linde, 1815 – 1816). У фрагментах, прысвечаных Скарыне, Ліндэ заўважыў, што ўсходнеславянскі першадрукар пісаў свае творы «на рускім дыялекце, вельмі блізкім да польскай мовы» (Linde, 1815 – 1816. Т. ІІІ, 292) і што ў прадмове да кнігі Эсфір Скарына згадваў пра «сваю прыродную рускую мову» (выдзелена Ліндэ – С.З.) (Linde 1815 – 1816. Т. ІІІ, 293).
Здаецца, пералік усходнеславянскіх моў у артыкуле Ліндэ можна ацэньваць як даволі двухсэнсоўны. З аднаго боку, абвяшчалася існаванне асобнай маларасійскай або беларасійскай мовы. З другога боку, пры разглядзе мовы Скарыны (якая выглядала вельмі своеасаблівай у параўнанні з вядомымі Ліндэ тагачаснай расійскай і царкоўнаславянскай), пры спасылках на адміністрацыйна-юрыдычную практыку ў ВКЛ аўтар не карыстаўся гэтым выразам, а ўжываў тэрмін руская мова. Такім чынам, у артыкуле «Аб славянска-расійскай літаратуры» сярод усходнеславянскіх моў выдзяляліся тры мовы – расійская, маларасійская / беларасійская і руская. Чым адрознівалася беларасійская (маларасійская) ад рускай мовы, было, аднак, незразумела. Сітуацыя была тым больш складаная, калі паспрабаваць дыферэнцыяваць беларасійскую мову ад рускага дыялекта, вельмі блізкага да польскай мовы…
У другой працы – «Аб Літоўскім статуце, рускай мовай і друкам выдадзеным паведамленне» (O Statucie litewskim ruskim jzykiem i drukiem wydanym wiadomość) – Ліндэ аддаў належнае таму, што ў 3-м артыкуле ІІІ раздзела Статута мова дакумента называлася рускай: «на руский езык преложона и руским же писмом». Недыферэнцыяванае выкарыстанне некаторымі тагачаснымі польскімі аўтарамі тэрміна Ruski język вымусіла Ліндэ зрабіць заўвагу адносна таго, што гэты выраз часам ужываўся неўласціва: напрыклад, Т. Чацкі ў некаторых выпадках змешваў назву руская мова з назвамі царкоўная мова і расійская мова (Linde 1816, 12). Аднак руская мова моцна адрозніваецца ад расійскай і царкоўнай, і, сцвердзіў Ліндэ, «расіянін, які з захапленнем дэкламуе творы Ламаносава, Дзяржавіна і г. д., а таксама грэцка-расійскі (праваслаўны – С.З.) святар, які ўсю славянскую Біблію ведае напамяць, не зразумее ніводнага артыкула рускага літоўскага статута настолькі, што ўзнікла патрэба выдаць статут у перакладзе на расійскую мову» (Тамсама). Зыходзячы з таго, што мова Статута не адрознівалася ад мовы кваліфікаванага Сопікавым як беларускае «Казання св. Кірылы аб антыхрысце», Ліндэ назваў мову Літоўскага статута Беларускай, выдзеліўшы ў тэксце гэту назву (Linde 1816, 13). У працы «Аб літоўскім статуце…» Ліндэ вярнуўся да тэмы кваліфікацыі мовы Скарыны і ўдакладніў, што нягледзячы на тое, што «ў Скарыны назіраем дамешку рускай мовы да царкоўнай, старая славянская мова ў яго выразна пераважае» (Linde 1816, 18). З працы Ліндэ вынікае, што ён быў схільны захоўваць за беларускай мовай яе абыходкавую назву руская мова (што назіраем і ў назве ягонай працы), у той жа час ён кваліфікаваў адну з яе канкрэтных функцыянальна-стылістычных разнавіднасцяў (мову Статута) як беларускую.
Выдзяляючы ва ўсходніх славян самастойную рускую мову з яе беларускай разнавіднасцю, якія адрозніваліся ад расійскай мовы, у сваіх працах 1815 – 1816 гг. Ліндэ істотна прасунуўся наперад у параўнанні з 1807 г., калі ва ўступе да першага тома свайго слоўніка сярод усходнеславянскіх моў ён назваў толькі рускую мову, пад якой разумеў расійскую. Прагрэс тут можна назіраць і ў параўнанні з артыкулам «Аб славянска-расійскай літаратуры»: у працы «Аб літоўскім статуце…» былі вызначаны адносіны паміж рускай і беларускай мовамі: яны былі акрэслены як цэлае і частка, як агульнае і прыватнае.
9.9. Вылучэнне ў артыкуле «Аб славянска-расійскай літаратуры» рускай мовы статутаў ВКЛ, Ягелонаў ці Скарыны стварыла спецыфічныя складанасці для перакладчыка артыкула Ліндэ на расійскую мову М. Качаноўскага. (У скарочаным выглядзе артыкул Ліндэ быў перадрукаваны на расійскай мове ў рэдагаваным Качаноўскім часопісе «Вестник Европы»). Якім чынам пры перакладзе трэба было перадаць па-расійску выраз Ліндэ руская мова? Тэрмін руский язык у расійскай лінгвістыцы ў гэты час усё больш актыўна выкарыстоўваўся для наймення ўяўлянага продка тагачаснай расійскай мовы, які паводле сваіх характарыстык (і гэта добра ўсведамляў Качаноўскі) моцна адрозніваўся ад апісванай Ліндэ мовы статутаў ВКЛ, Ягелонаў ці Скарыны. Быў знойдзены наступны выхад. Перакладаючы сказ пра тое, што першае і трэцяе выданні статутаў ВКЛ выйшлі на рускай мове, Качаноўскі, «каб не змешваць з нашай рускай» («чтоб не смешивать с нашим русским»), ужыў тэрмін руськая мова (руський язык) (Линде 1816, 122). Свой падыход ён патлумачыў у спецыяльнай зносцы, у якой таксама заўважыў, што расійскую мову палякі ў вусным ужытку называюць маскоўскай, а на пісьме – расійскай; на руськай мове гавораць жыхары Мінскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў (Тамсама).
9.10. У канцы 1810-х гг. з кароткімі заўвагамі пра беларускую мову ў часопісе «Вестник Европы» ўпершыню выступілі яшчэ два аўтары, даследаванні якіх пазней мелі вялікае значэнне для яе распрацоўкі. Пішучы пра мову ўступнай нататкі выдаўца «Часослова», К. Калайдовіч дыягнаставаў у ёй «руской язык в простонародном польском, или правильнее белорусском выговоре» (Вестник Европы. 1819. № 19. С. 105). У наступным нумары часопіса ў артыкуле «Розыскания касательно русской истории» З. Даленга-Хадакоўскі паведаміў, што «меж Вильною, Гродном и Минском есть издревле руское наречие. Литовские князья не искоренили оного, ибо употребляли сами при дворе, в договорах и уставах» (Вестник Европы. 1819. № 20).
- Заключныя заўвагі
Лінгвістычныя працы 1800 – 1810-х гг. пра беларускую мову былі толькі першым падыходам да навуковага высвятлення як характару беларускай мовы, так і яе назвы. У шэрагу выпадкаў тут канстатуем звычайнае згадванне беларускай мовы сярод іншых. Усе гэтыя працы былі надрукаваны за межамі Беларусі (Гётынген, Берлін, Харкаў, Санкт-Пецярбург, Кракаў, Прага, Варшава). Даследаванню характару беларускай мовы часам папярэднічала пэўнае высвятленне спецыфікі беларусаў, адпаведна ў некаторых працах, дзе ішла гаворка і пра беларускую мову, маглі ўжывацца этнонімы, але не выкарыстоўваліся ніякія лінгвонімы (Адэлунг, Шлёцэр). Тэрміналогія, кваліфікацыі і ацэнкі некаторых прац увогуле не даюць магчымасці дакладна вызначыць, ці беларуская мова знаходзілася ў полі зроку іх аўтараў (Цімкоўскі, Фатэр). У гэты час пераважала назва руская мова, аднак пачаў з’яўляцца таксама тэрмін беларуская мова. Была здзейснена спроба ўкараніць выраз руськая мова, а таксама зафіксавана першая спроба выкарыстання складанага апісальнага тэрміна з адначасовым выкарыстаннем азначэнняў руская і беларуская (Калайдовіч). У працы Ліндэ «Аб літоўскім статуце…» упершыню было пастаўлена пытанне выкарыстання адэкватнай тэрміналогіі. Працы першых двух дзесяцігоддзяў ХІХ ст. з’явіліся важным падмуркам, на які абапіралася лінгвістыка пазнейшага часу.
Заўвагі
1 Папраўдзе гэтых назваў, як мы пераканаемся пазней, было яшчэ больш.
2 Многія сучасныя беларускія аўтары адчуваюць дыскамфорт, калі сустракаюцца з неабходнасцю перадаць па-беларуску актыўна ўжываны ў Сярэднявеччы лацінамоўны выраз lingua Ruthenica або ўжываны ў польскай літаратуры ў ХІХ ст. тэрмін język Ruski – з прычыны таго, што папраўдзе гэтыя выразы абазначалі не сучасную рускую (г. зн. расійскую), а беларускую мову. Так, А. Семянчук, піша пра стаўленне Міхалона Літвіна не да рускай, а да рутэнскай мовы (Семянчук 1999, 215). Такі дыскамфорт, аднак, бадай незнаёмы некаторым навукоўцам расійскай школы, якія, ужываючы тэрмін руская мова ў дачыненні да сітуацыі ВКЛ, часам вольна ці нявольна (і, зразумела, некарэктна) суадносяць яго з расійскай мовай. Параўн. у гэтым плане наступную заўвагу Е. Цалуновай пра дзяржаўную (канцылярскую) рускую мову ВКЛ: «Можна меркаваць, што гэта мова не лічылася ў ВКЛ «чужой» (г. зн. замежнай мовай)» (Целунова 2000, 76). Несумненна, разважаць у любой форме пра «чужы» характар рускай мовы ў ВКЛ ёсць сэнс толькі тады, калі разумець пад ёй расійскую мову.
3 У «Хроніцы…» Стрыйкоўскага ужыванне этноніма беларус, зрэшты, суправаджалася азначэннем літоўскі (Мыльников 1999, 81).
4 А. Меер запісаў: «вялікарасійская мова паміж імі (жыхарамі мясцовасці каля Крычава і Хоціма. – С.З.) настолькі мала перайначана, што выключаючы некаторыя перанятыя ў палякаў найменні («наречия»), вымаўленне а і о на е і я, дадатак пры запытаннях часціцы чы і перамену с на з, іншых істотных перамен у ёй, здаецца, і не заўважаецца» (Раманаў 2006, 122).
5 Пэўны час на Захадзе была даволі папулярнай так званая славянская тэорыя паходжання літоўскай мовы, якая мела шматлікіх прыхільнікаў і панавала прынамсі да другой паловы XVI ст. (Дини 1999, 42 – 43). Погляды, згодна з якімі літоўская мова паходзіла са славянскай ці, прынамсі, мела значны славянскі інгрэдыент, аж да пералому XVIII – XIX ст. і нават пазней зусім не абавязкова былі дзівацтвам. Аўтар не кампетэнтны разважаць на тэму, ці ў рамках славянскай тэорыі паходжання літоўскай мовы сустракаліся выпадкі, калі пад літоўскай мовай выступала беларуская, тым не менш аддае пэўнае месца асэнсаванню ў літаратуры пачатку ХІХ ст. славянскага складніка літоўскай мовы (гл. ніжэй). Калі ж абмежавацца чыста тэрміналагічнай сферай, то трэба канстатаваць, што прынамсі ў замежных назіральнікаў беларусы часам выступалі як літоўцы. Напрыклад, Геранім Пражскі, які ў канцы XIV cт. быў пасланы місіянерам у Літву, сцвярджаў, што літоўцы гавораць на славянскай мове і з’яўляюцца славянскім народам. Гл.: Целунова 2000, 78. А. Цалунова, бадай, схільная запярэчыць такой магчымасці, цалкам сур’ёзна называючы меркаванне Гераніма Пражскага «памылкай» («заблуждением»). З пункту гледжання таго, што на Захадзе беларусаў маглі называць літоўцамі, параўн. таксама прыведзенае вышэй і згадванае В. Грыцкевічам і А. Мальдзісам сведчанне Паола Джовія Навакомскага сярэдзіны XVI ст.
6 Раздзел пра славянскія мовы ў працы Адэлунга адрэдагаваў будучы патрыярх славістыкі Ёзаф Добраўскі (Gladkova 2004, 365). Нам, аднак, дакладна невядома, наколькі значным быў яго ўклад у падрыхтоўку славістычнага раздзела працы Адэлунга.
Літаратура
Азадовский, М.К. История русской фольклористики. Москва, 1958.
Баженова А. Славян родные имена. Словарь исторических родокоренных имен. Москва: Ладога, 2006. 588 с.
Банькоўскі-Цуліг, Моніка. Стан і перспектывы беларусістыкі ў Швейцарыі // Беларусіка. Albaruthenica. 1. Мінск: Навука і тэхніка, 1993. С. 11 – 15.
Баршчэўская, Ніна. Уплыў суседніх народаў на зьмену дзяржаўнага назову Беларусі ў ацэнцы беларускіх вучоных у дыяспары // Droga ku wzajemności. 50 lat białorutenistyki na Uniwersytecie Warszawskim. Redakcja naukowa Mikołaj Timoszuk i Mikołaj Chaustowicz. (Acta Albaruthenica 6). Warszawa, 2007. S. 50 – 66.
Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім. Мінск, 1992.
Белы, Алесь. Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск: Энцыклапедыкс, 2000.
Булгакаў, Валер. Гісторыя беларускага нацыяналізму. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006.
Булич, С.К. Очерк истории языкознания в России. Т. 1. XIII в. – 1825 г. СПб., 1904.
Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы. The History of the Belarusian Nation and State. Мінск, Беларускі кнігазбор, 2001.
Грыцкевіч, Валянцін; Мальдзіс, Адам. Шляхі вялі праз Беларусь. Нарыс. Мінск: Мастацкая літаратура, 1980.
Гудков, В.П. Славистика. Сербистика. Москва: Издательство Московского государственного университета, 1999.
Дини, Пьетро У. Заметки об истоках балтийской лингвистики // Славяноведение. 1999. № 5. С. 42 – 47.
Долобко, М.Г. Ю. Крижанич о русском языке // Советское языкознание. Том 3. Ленинград, 1937. С. 7 – 40.
Жураўскі, А.І.; Прыгодзіч, М.Р. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск: «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1994. С. 147 – 156.
Жураўскі, А.І Беларуская мова і дзяржаўнасць у старажытнасці // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе ХХ стагоддзя. Мінск, 1998. С. 449 – 455.
Запруднік, Янка. Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мінск: Беларускі Фонд Сораса; ВЦ «Бацькаўшчына», 1996.
Запрудскі, Сяргей. Юрый Крыжаніч аб беларускай мове // Мовы Вялікага Княства Літоўскага. Матэрыялы IV Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Брэст, 18 – 19 мая 2004 г.). Брэст: Академия, 2005. С. 11 – 14.
Запрудскі, Сяргей. Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ // Droga ku wzajemności. 50 lat białorutenistyki na Uniwersytecie Warszawskim. Redakcja naukowa Mikołaj Timoszuk i Mikołaj Chaustowicz. (Acta Albaruthenica 6). Warszawa, 2007. S. 382 – 395.
Імя тваё «Белая Русь». Мінск, 1991.
Кавко, А.К. Белоросика в трудах П.Й. Шафарика // Павел Йозеф Шафарик (к 200-летию со дня рождения). Москва, 1995. С. 51 – 59.
Карский, Е.Ф. Белорусы. Том 1. Введение в изучение языка и народной словесности. Минск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006.
Куль-Сяльверстава, С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фармаванне культуры Новага часу на беларускіх землях (другая палова XVIII – 1820-я гг.). Мінск, 2000.
Лабынцев, Ю. А. Именование «Белоруссией» восточных пограничных земель Речи Посполитой после ее разделов // Studia Russica. XXII. Budapest, 2005. С. 137 – 143.
Латышонак, Алег. «Белая Русь» у «Polonii» Шымана Старавольскага. Даклад на міжнароднай канферэнцыі «Беларуска-польскія літаратурныя, моўныя і гістарычныя сувязі (да 125-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа)». Мінск, 27 – 29 чэрвеня 2007 г. (у друку)
Линде, С.Б. О российской литературе // Вестник Европы. 1816. Ч. ХС, № 22. С. 110 – 136; № 23/24. С. 230 – 254.
Мальдзіс, Адам. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе: З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры. Мінск, 1969.
Мальдзіс, А.І. Кнігадрукаванне ў Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Минск, 1974. (а)
Мальдзіс, Адам. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мінск, 1974. (b)
Мальдзіс, Адам. На скрыжаванні славянскіх традыцый: Літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палавіна ХVII–ХVIIІ ст.). Мінск, 1980.
Мальдзіс, Адам. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIIІ стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў. Мінск, 1982.
Мальдзіс, Адам. Як жылі нашы продкі ў ХVIIІ стагоддзі. Мінск, 2002.
Могилевский, Иоанн. О русском языке // Журнал министерства народного просвещения. 1838. Ч.17. № 1 (генварь). С. 17 – 43.
Мыльников, А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности XVI – начала XVIII века. СПб., 1999.
Мякишев, В. «Русская мова» Литовского Статута 1588 года и виленских актовых книг конца XVI века // Studia Russica. XVII. Budapest, 1999. С. 58 – 64.
Некрашевич-Короткая, Ж. Лингвонимы восточнославянского культурного региона (исторический обзор) // Исследование славянских языков и литератур в высшей школе: достижения и перспективы. Под редакцией В.П. Гудкова, А.Г. Машковой, С.С. Скорвида. Москва, 2003. С. 149 – 153.
Прыгодзіч, М. Катэхізіс Лаўрэнція Зізанія 1627 года ў гісторыі рэлігійна-кніжнай культуры ўсходніх славян // Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя: Матэрыялы ІV Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін» / Пад рэд. А. Мальдзіса, А. Смаленчука. Мінск: Рэд. газ. «Голас Радзімы», 2006. С. 123 – 125.
Раманаў, Е.Р. З гісторыка-археалагічнай спадчыны. Выбраныя творы. Магілёў, 2006.
Русские летописи на древлеславянском языке, сличенные, переведенные и объясненные А.Л. Шлёцером. Часть 1. Перевел Дм. Языков. СПб., 1809.
Сагановіч, Г.М. Да гісторыі назвы «Белая Русь» // Старонкі гісторыі Беларусі. Рэдкал.: М.П. Касцюк, М.В. Біч, Г.В. Штыхаў. Мінск: Навука і тэхніка. 1992. С. 63 – 73.
Семянчук, Альбіна. Міхалон Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5. Мінск: «Беларуская энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1999. С. 214 – 215.
Сопиков, В. Опыт российской библиографии или Полный словарь сочинений и переводов, напечатанных на славенском и российском языках. Ч. 1. СПб., 1813.
Тобін, Эдуард. А мова наша – спрадвечная, ліцвінская // Народная воля. 2007. 5 крас.
Токць, Сяргей. Беларуская ідэнтычнасць у ХІХ ст. // Беларускі гістарычны зборнік. 24. Беласток, 2005. С. 62 – 95.
Хаўстовіч, М.В. Гісторыя беларускай літаратуры 30—40-х гг. ХІХ ст. Дапаможнік для студэнтаў філал. спец. вышэйш. навуч. устаноў. Мінск: БДУ, 2001. 171 с.
Хаўстовіч, Мікола. Беларускасць у беларуска- і польскамоўнай літаратуры Беларусі першае паловы ХІХ ст. // Studia białorutenistyczne I. Redakcja Ryszard Radzik, Michał Sajewicz. Lublin, 2007. S. 179 – 187.
Целунова, Е.А. Культурная и языковая ситуация Великого княжества Литовского // Annali dell’Istituto universitario Orientale di Napoli. Dipartimento di studi dell’Europa orientale. Sezione Slavistica. Aion Slavistica. 1997 – 1998. Quaderno № 5. 2000. С. 33 – 109.
Шакун, Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мінск: Універсітэцкае, 1995.
Шыбека, Захар. Нарыс гісторыі Беларусі. 1795 – 2002. Мінск: Энцыклапедыкс, 2003.
Щавинская, Л. Л. Определение «белорусский» в обиходе христианских церквей (католической, православной, униатской) на белорусско-российском пограничье до и после разделов Речи Посполитой // Studia Russica. XXII. Budapest, 2005. С. 144 – 149.
Adelung, Johann Christof. Mithridates, oder allgemeine Sprachenkunde mit dem Vater Unser als Sprachprobe in beynahe fünfhundert Sprachen und Mundarten. Band 2. Berlin, 1809.
Bieder, Hermann. Die Klassifizierung der ostslawischen Sprachen und Dialekte in der galizischen Sprachwissenschaft (zweite Hälfte 19. Jahrhundert) // Normen, Namen und Tendenzen in der Slavia. Festschrift für Karl Gutschmidt zum 65. Geburstag. Hrsg. Volkmar Lehmann, Ludger Udolph. München: Verlag Otto Sagner, 2004. S. 141 – 152.
Bieder, Hermann. Sprachwissenschaftliche Weißrussistik in Österreich-Ungarn // Germanoslavica. Jahrgang 17. 2006. Nr. 1 – 2. S. 65 – 84.
Dini, Pietro U. Auffassungsvarietät über die Baltischen Sprachen in «Mithridates» (1555) von Conradus Gesnerus. Baltische Sprachen und Kulturen in der Renaissance // Baltistica. XXXII (1). 1997. S. 41 – 48.
Dini, Pietro U. Polyglossia and linguistic variations in the Grand Duchy of Lithuania according to Miechovita (XVI cent.) // Studia Russica. XVIII. 2000. P. 49 – 54.
Gerbinius, Johannes M. Religiosae Kijovienses cryptae, sive Kijovia subterranea: In quibus labyrinthus sub terra, et in eo emortua a sex centis annis Divorum atque Heroum graeco-ruthenorum, et nec dum corrupta corpora, ex nomine atque ad oculum e Paterico sclavonica detegit. Jenae, 1675.
Gessner, Konrad. Mithridates. De differentiis linguarum tum veterum tum quae hodie apud diversas nationes in toto orbe terrarum in usu sunt. Neudruck der Ausgabe Zürich 1555. Herausgegeben und eingeleitet von Manfred Peters. Scientia Verlag Aalen 1974.
Gladkova, Hana. Ohlédnutí výročím Josefa Dobrovského (1753 – 1829) // Slavia. R. 73. 2004. S. 359 – 384.
Lelewel, Ioachim. Dodatek do rosprawy Daniłowicza w Nrze 17 umieszczonej o Dyplomatyce Ruskiej // Dziennik Warszawski. 1826. T. 6. [№ 17 – 19]. S. 211 – 241.
Linde, S.B. O literaturze słowiańsko-rosyjskiej // Pamiętnik Warszawski. 1815: T. II. № 8. S. 411 – 428; T. III. № 9. S. 14 – 34. № 10. S. 133 – 150. № 11. S. 277 – 298. 1816: T. IV. № 13. S. 3 – 21. № 15. S. 285 – 296; T. V. № 17. S. 3 – 21. № 18. S. 125 – 144.
Linde, S.B. O Statucie litewskim ruskim językiem i drukiem wydanym wiadomość. Warszawa, 1816.
McMillin, A.B. XIXth Century Attitudes to Byelorussian before Karski // Journal of Byelorussian Studies. Vol. I. No. 2. London, 1966. P. 103 – 109.
Rudnik-Karwatowa, Zofia. Kierunki badań slawistycznych w Polsce i Rosji do roku 1830. U źródeł słowiańskiego językoznawstwa historyczno-porównawczego // Slavia Occidentalis. T. 53. Poznań, 1996. S. 87 – 94.
Vater, J. S. Literatur der Grammatiken, Lexica und Wörtersammlungen aller Sprachen der Erdе: nach Alphabetischer Ordnung der Sprachen. Berlin, 1815.
names of the Belarusian language in studies of the 19TH CENTURY scholars. 1800 – 1810 works
According to the modern scientific literature, more than 12 different names (however, some akin) were used to name Belarusian in studies of various scholars in the 19th century. Authors used different terms if they were Belarusian, or if their activities were within the framework of the Polish, Russian, German or Czech scientific practice, as well as they give the name for Belarusian depending on their citizenship, or whether they meant oral or written usage of Belarusian, etc.
Studies of 1800 – 1810 were just the first approach both to the determining of the Belarusian language characteristic features and to the ascertaining of its most appropriate name. All these studies were published outside Belarus (Göttingen, Berlin, Kharkov, St. Petersburg, Cracow, Prague, Warsaw). In a number of cases Belarusian was only mentioned there among others. Within the two first decades of the 19th century the most used terms are the traditional term Ruthenian language (Ruskoj / Ruskij yazyk) (mostly with one letter s) and Belarusian language, with the traditional use of the latter one not so deep-rooted and less stable. The fact that the name Ruskoj / Ruskij yazyk had an unstable terminological meaning and was not completely attached to the modern Russian language in the two first decades of the 19th century positively influenced the possibility to use this term to mean Belarusian language; the Russian language itself had usually the name Rossijskij in the scientific literature of that time written in Russian. An attempt to introduce the expression Rus’kij yazyk was made; and the first occurrence of a compound descriptive term with simultaneous use of the attributes Ruthenian and Belarusian was recorded. The question about a more adequate name for Belarusian was first set in the work ‘About the Lithuanian Statute…’ by the Polish scholar S.B. Linde in 1816. The terminology, qualifications and estimations elicited from some studies of that time sometimes do not at all enable to determine whether the Belarusian language was within the scope of vision of the authors of these works.